ВУЛКАНІ́ЧНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

вулканіты, горныя пароды, якія ўтварыліся ў выніку вывяржэння вулканаў. Падзяляюць на вылітыя, або эфузіўныя горныя пароды (базальты, андэзіты, трахіты, ліпарыты, дыябазы і інш.) і вулканагенна-абломкавыя, або піракластычныя пароды (туфы, туфабрэкчыі, вулканічныя бомбы, попел, пясок і інш.), якія розняцца хім. саставам, структурна-тэкстурнымі асаблівасцямі, ступенню захаванасці рэчыва. Глыбока змененыя, больш старажытныя, эфузіўныя пароды называюць палеатыпнымі, а нязмененыя — кайнатыпнымі. Выкарыстоўваюцца як буд. і абліцовачны матэрыял, у керамічнай і цэментнай прам-сці. На Беларусі вядомыя ў дакембрыі (звычайна змененыя другаснымі працэсамі), у верхнім пратэразоі (андэзіты, дацыты, базальты, туфы і інш.) і дэвоне (трахіты, базальты, нефелініты, сіеніт-парфіры, туфы і інш.).

У.Я.Бардон.

т. 4, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)